ВЯЧАСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ

(1083—1155),

князь, сын Уладзіміра Манамаха. У 1116 як смаленскі князь у час паходу на менскага (мінскага) кн. Глеба Усяславіча адваяваў Оршу і Копысь. Пасля смерці бацькі ў 1125 атрымаў Тураўскае княства. У 1127 удзельнічаў ва ўзяцці Ізяслаўля (Заслаўя) у час паходу кіеўскіх князёў на Полацкую зямлю. У 1132 княжыў у Пераяслаўлі, праз год вярнуўся ў Тураў. Праводзіў палітыку адасаблення Турава ад Кіева. Пасля няўдалай спробы кіеўскага кн. Усевалада ў 1142 захапіць Тураўскую зямлю Вячаслаў Уладзіміравіч пакінуў Тураў сыну Святаславу і перайшоў у Пераяслаўль. Незадаволеныя гэтым чарнігаўскія князі Ольгавічы напалі на Пераяслаўль, і Вячаслаў Уладзіміравіч вярнуўся ў Тураў. Раздаў гарады Бярэсце (Брэст), Драгічын, Клечаск (Клецк), Рагачоў, Чартарыйск сваім родзічам. У 1146, калі кіеўскі пасад захапіў Ізяслаў Мсціславіч, Вячаслаў Уладзіміравіч вярнуў сабе гэтыя гарады, захапіўшы таксама і Уладзімір-Валынскі, за што быў пераведзены з Турава ў Перасопніцу на Валыні. Пазней, верагодна, быў суправіцелем Ізяслава Мсціславіча на кіеўскім троне.

М.І.Ермаловіч.

т. 4, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)